Кінематаграфіст Андрэй Курэйчык зарэгістраваў у ЗША кампанію Bez Buslou Arts LLC

Андрэй Курэйчык / Жаночы часопіс "Горад жанчын"
Палітычны блогер і кінематаграфіст Андрэй Курэйчык зарэгістраваў у ЗША юрыдычную асобу пад назвай Bez Buslou Arts LLC у горадзе Шэрыдан, штат Ваёмінг. Аб гэтым ён распавёў у размове з Еўрарадыё.
“Яна зарэгістравана, так. І мы пачалі працаваць. Мы перанеслі “Безбуслоў” у Амерыку, каб прасоўваць фільмы, якія мы ўжо знялі, і каб рабіць новыя”, — падкрэсліў суразмоўца.
У кампаніі ёсць свой сайт-візітоўка, дзе змешчана партфоліа, місія праекта, склад каманды і кантакты для сувязі.

Раней “Без Буслоў Артс” была вядома як творчая супольнасць беларускіх кінематаграфістаў, якая з 2012 года займалася стварэннем незалежнага беларускага кіно. Аб’яднанне было заснавана Андрэем Курэйчыкам, кампазітарам і прадзюсарам Дзмітрыем Фрыгам, рэжысёрам Дзмітрыем Марыніным, а таксама аператарамі Аляксеем Карнеевым, Арцёмам Якімавым і Мікітам Пінігіным.
Мэтай Bez Buslou Arts з'яўлялася аб’яднанне таленавітых людзей, якія ствараюць фільмы пра сучасную Беларусь — для беларусаў і сіламі беларускіх творцаў. Праекты рэалізоўваліся дзякуючы ўласнаму фінансаванню, продажу квіткоў, грантам і партнёрскім праграмам.
За час сваёй дзейнасці Bez Buslou Arts стварыла шэраг стужак. Моладзевая драма і серыял “Вышэй за неба” (2012), прафінансаваная Праграмай развіцця ААН, атрымала расійскую прэмію “Снято!” і была ўключаная ў праграму лепшых фільмаў СНД на міжнародным фестывалі “Залаты абрыкос” у Арменіі. Праект сабраў больш за 400 тысяч праглядаў у інтэрнэце.
Таксама ў пракат выйшлі камедыі “ГараШ” (2015) і “PARTY-ZAN фільм” (2016), у якіх знялося шмат беларускіх музыкаў і публічных асоб. Апошнім праектам стала фестывальная драма “Лібертэ”, якая павінна была выйсці яшчэ ў 2020 годзе, але рэліз, як бачна па сайце кампаніі, перанеслі на 2025 год.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.