Хто пераможа на выбарах у ЗША — што кажуць апытанні і прагнастычныя мадэлі
дэмакратка Камала Харыс / Politico
Прэзідэнцкія выбары ў ЗША адбудуцца ўжо 5 лістапада. Галоўнае пытанне, якое задаюць сабе многія: хто пераможа — дэмакратка Камала Харыс ці рэспубліканец Дональд Трамп? Дзіўна, але ўпэўненага прагнозу не могуць даць нават сацыёлагі, бо абодва кандыдаты ідуць літаральна "ноздра ў ноздру" па ўсіх апытаннях.
У чатырох з сямі ключавых штатаў, якія і вызначаць вынік выбараў 2024 года, лідзіруе Камала Харыс. Аднак яе адрыў ад Трампа ў гэтых апытаннях — менш за статыстычную памылку.
Эксперты звяртаюць увагу: на прэзідэнцкіх выбарах 2016 і 2020 гадоў сацыёлагі недаацэньвалі Дональда Трампа, аднак на прамежкавых выбарах 2022 года рэспубліканцаў, наадварот, значна пераацанілі. З улікам зменаў, якія палстэры ўнеслі ў свае методыкі пасля папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў, прадказаць ступень памылкі немагчыма. Яна можа быць заўважнай як на карысць Трампа, так і на карысць Харыс.
Прагнастычныя мадэлі таксама не могуць даць больш-менш дакладны прагноз на вынік выбараў. Напрыклад, праект FiveThirtyEight (названы па колькасці галасоў выбаршчыкаў) ацэньвае верагоднасць перамогі Трампа як 53%, Харыс — як 47%. Журнал The Economist, наадварот, дае 52% на перамогу дэмакраткі і 48% — на рэспубліканца.
Праект Race to the White House ацэньвае шанцы Харыс на перамогу як 50,5%. Фактычна, шанцы такія ж, як пры выпадзенні арла або рэшкі ў манеты.
Прафесар Алан Ліхтман, вядомы сваёй мадэллю "13 ключоў да Белага дома", якая з высокай дакладнасцю прадказвала вынікі прэзідэнцкіх выбараў у ЗША з 1984 года, за выключэннем 2000-га, лічыць, што перамогу атрымае Камала Харыс, бо яна адпавядае большай колькасці крытэрыяў яго мадэлі.
Аднак сёлетняе галасаванне настолькі непрадказальнае, што нават мадэль Ліхтмана можа апынуцца недакладнай.