Хадайніцтвы аб міжнароднай абароне ў Польшчы сёлета падалі 1600 беларусаў

Варшава, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
1600 грамадзян Беларусі падалі хадайніцтвы аб прадастаўленні міжнароднай абароны ў Польшчы за першае паўгоддзе.
Такую статыстыку апублікавала ўпраўленне па справах замежнікаў. Агулам польскія органы за паўгода атрымалі 8,5 тысячы хадайніцтваў, з якіх 5 тысяч падалі грамадзяне Украіны, а 0,4 тысячы — грамадзяне Расіі. Такім чынам, амаль пятая частка ўсіх хадайніцтваў належыць беларусам.
Таксама паведамляецца, што за гэты перыяд упраўленне па справах замежнікаў вынесла рашэнні ў дачыненні да 5300 чалавек. Міжнародную абарону атрымалі амаль 2800 замежнікаў, у тым ліку адна тысяча грамадзян Беларусі і паўтары тысячы ўкраінцаў.
Адмоўныя рашэнні атрымалі каля тысячы чалавек, сярод якіх было 70 нашых суайчыннікаў. Таксама адмовы атрымалі каля 500 грамадзян Украіны і 130 — Расіі.
У дачыненні да 1500 асоб разгляд быў спынены. Часцей за ўсё так адбываецца, калі замежнік пакідае Польшчу да вынясення рашэння па сутнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.