КДБ заявіў пра затрыманне экс-каліноўца і апазіцыйнага актывіста

Затрыманы Васіль Грачыха

Затрыманы Васіль Грачыха / news.by

Камітэт дзяржбяспекі адрапартаваў пра затрыманне экс-каліноўца Васіля Грачыхі і апазіцыйнага актывіста Паўла Бялюціна. Гаворыцца, што іх затрымалі за межамі краіны і даставілі ў Беларусь. Кадры з імі паказалі ў прапагадысцкім тэлесюжэце ўвечары 5 траўня.

На відэа Грачыху вядуць па балоце тры ўзброеныя чалавекі ў камуфляжы. У самога мужчыны на руках сцяжка, а на галаве — пакет. Потым яго прывозяць на машыне да ваеннага верталёта і перадаюць супрацоўнікам КДБ. Падчас пералёту Грачыха ляжыць на падлозе, супрацоўнік КДБ прыціскае яго нагой да падлогі. На выхадзе з верталёта затрыманага сустракае начальнік следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак, які на месцы ладзіць допыт. Гэтыя кадры могуць быць пастановачнымі.

Гаворыцца, што пазыўны Васіля Грачыхі — "Васіліск". Мужчына кажа, што ва Украіне "праходзіў навучанне ў батальёне Каліноўскага" і называе пазыўныя таварышаў па службе.

Таксама прапагандысты паказалі, як Паўла Бялюціна ў аэрапорце выводзяць з самалёта і перадаюць супрацоўнікам КДБ. Паведамляецца, што ён нібыта ўваходзіў у Віленскую харугву і "трэніраваўся паводле ваенізаванага ўзору", а ў 2020 годзе нібыта быў сярод тых, хто планаваў атаку дронаў на БелАЭС. Ніякіх доказаў пры гэтым не прыводзіцца.

Бялюцін быў актывістам партыі "Народная грамада" і вылучаўся на выбарах у Каардынацыйную раду ў 2024-м. Але неўзабаве высветлілася, што ў 2017 годзе чалавек з такім жа імем і прозвішчам напісаў данос у КДБ на Мікалая Аўтуховіча. Пасля гэтага сяброўства Бялюціна ў партыі прыпынілі, а са спісу кандыдатаў у КР яго выключылі.

Напрыканцы красавіка стала вядома, што Бялюцін знік у Польшчы, не выходзіць на сувязь, яго шукае жонка. Яна расказвала, што ў Літве мужа прызналі "пагрозай нацыянальнай бяспецы", пасля чаго ён пакінуў краіну. Паводле звестак Еўрарадыё, мужчына быў перабраўся ў Германію.

КДБ заявіў пра затрыманне экс-каліноўца і апазіцыйнага актывіста
Затрыманы Павел Бялюцін / Беларусь 1

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.