Карупцыйны скандал на БелАЗе: на заводзе раскрадалі запчасткі
Упраўленне барацьбы з эканамічнымі злачынствамі МУС выкрыла злачынную групу, якая дзейнічала на прадпрыемстве БелАЗ. Работнікі завода і прадстаўнікі яго кіраўніцтва арганізоўвалі раскраданне запчастак да аўтамабіляў у асабліва буйных памерах. Дзеля выкрыцця гэтай групы праваахоўнікі правялі аналіз “ценявога” рынку па рэалізацыі запчастак, вузлоў і агрэгатаў да аўтамабільнай і кар’ернай тэхнікі, які дзейнічае на тэрыторыі Беларусі і Расіі.
Па звестках МУС, агульныя ценявыя абароны ад рэалізацыі скрадзеных запчастак вытворчасці БелАЗ складаюць да мільёна долараў у год.
Як выявілася, паміж удзельнікамі злачыннай групы былі дакладна размеркаваныя ролі: адны займаліся пагрузкай запчастак, іншыя вывозілі скрадзенае з тэрыторыі з выкарыстаннем арандаванага транспарту, трэція забяспечвалі бесперашкоднае і свабоднае перасоўванне грузу, доступ на тэрыторыю завода пабочных асобаў і грузавой тэхнікі.
Была нават створаная “група аховы”, якая выстаўляла пасты з відэаназіраннем на адлегласці да некалькіх кіламетраў. Зламыснікі працавалі толькі ўначы па выходных, а для сувязі выкарыстоўвалі радыёстанцыі і мабільнікі са зменнымі сім-карткамі.
Скрадзенае вывозілі ў загадзя падрыхтаваныя склады, размешчаныя на падворку прыватнага дома адной з вёсак у Жодзінскім раёне, адкуль па фіктыўных дакументах тавар збывалі ў Расію.
Першая аперацыя па затрыманні актыўных удзельнікаў групы адбылося ў лістападзе 2015 года падчас разгрузкі запчастак у “адстойніку”. Крыху пазней затрымалі яшчэ аднаго зламысніка, а днямі ўзялі яшчэ дваіх падазраваных — супрацоўнікаў БелАЗа, матэрыяльна адказных асобаў.
Усяго фігурантамі па гэтай справе праходзяць 9 чалавек. Сямёра ўзятыя пад варту і ўжо атрымалі абвінавачанні ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры. Яшчэ двое ў статусе падазраваных.
Расследаванне справы працягваецца. Ужо цяпер выяўлена, што дзейнасць злачыннай групы нанесла прадпрыемству шкоду на 1,5 мільярда рублёў і не выключана, што канчатковая сума будзе значна большай, паведамляе прэс-служба МУС.

