Кантралёры просяць ВНУ Брэста пакараць студэнтаў за папярэджанні ў сацсетках

Брэсцкія транспартнікі хочуць пакараць і спыніць студэнтаў, якія дзеляцца ў сацсетках звесткамі пра тое, дзе працуюць транспартныя кантралёры. Лісты з адпаведнымі просьбамі "Брэстгартранс" рассылае па навучальных установах, паведамляе tut.by.
У сацыяльнай сетцы "Вконтакте" дзейнічае група, у якой жыхары Брэста адсочваюць перамяшчэнні кантралёраў па гарадскіх маршрутах. На днях у Брэсцкі дзяржаўны універсітэт імя А. Пушкіна прыйшоў ліст з гэтай нагоды. Транспартнікі просяць "дырэктара БрДУ" (так у дакуменце) паўплываць на студэнтаў, задзейнічаных у гэтай групе. На думку транспартнікаў, актыўныя карыстальнікі сацсетак "дазваляюць сысці нядобрасумленным пасажырам ад адміністрацыйнай адказнасці і, адпаведна, ажыццяўляць праезд у гарадскім грамадскім транспарце без аплаты. Усё гэта прыводзіць да значнага зніжэння даходаў ААТ "Брэсцкі аўтобусны парк" і КУТП "Тралейбусны парк".
Студэнт, які падаў копію дакумента журналістам, кажа, што транспартнікі даслалі ў ВНУ таксама спіс студэнтаў, якіх просяць дысцыплінарна пакараць. "Толькі па нашым факультэце гэта чалавек сорак. Адміністрацыя ўніверсітэта пакуль проста заклікала повыдаляцца з групы. Не ведаем, што будзе далей", — паведаміў хлопец.
У "Брэстгартрансе" пацвердзілі рассылку лістоў у навучальныя ўстановы горада. Па словах дырэктара прадпрыемства Аляксея Жогала, у групе на гэты момант — 25 тысяч 536 удзельнікаў, пераважна моладзь. Інфармацыя пра кантралёраў абнаўляецца амаль кожныя 5 хвілін. Транспартнікі разлічваюць, што ў навучальных установах са студэнтамі "правядуць выхаваўчую працу".
