Камітэт ААН па правах чалавека патрабуе "тэрміновыя меры абароны" Ціханоўскага
Сяргей Ціханоўскі / Еўрарадыё
Камітэт па правах чалавека (КПЧ) ААН звярнуўся да афіцыйнага Мінска ў справе палітвязня Сяргея Ціханоўскага, якую цяпер разглядае КПЧ. ААН патрабуе забяспечыць фізічнае і псіхічнае здароўе Ціханоўскага, доступ яго да кваліфікаванай медыцынскай дапамогі, адвакатаў і сям'і. Пра гэта паведамляе прэс-служба Святланы Ціханоўскай.
"Утрыманне пад вартай без сувязі са знешнім светам, якое стварае рызыку гвалтоўнага знікнення, сведчыць пра стратэгію пакарання палітычных апанентаў і ўтойвання доказаў жорсткага абыходжання і катаванняў, якія яны зазнавалі з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў і турэмнай адміністрацыі", — гаворыцца ў дакуменце, які цытуе прэс-служба.
Сяргей Ціханоўскі, як і іншыя знакавыя палітвязні, ужо год не мае сувязі са знешнім светам. Ён асуджаны на 19,5 года пазбаўлення волі.
Камітэт ААН па правах чалавека патрабуе прыняць тэрміновыя меры абароны таксама ў дачыненні да адваката Максіма Знака і палітыка Віктара Бабарыкі, якія засталіся без сувязі са знешнім светам.
Як распавядала Еўрарадыё, сваякі палітвязня Мікалая Статкевіча, ад якога няма звестак таксама год, арганізавалі акцыю "Пакажыце Статкевіча!".