Калінкавіцкага відэаблогера затрымалі на тры дні

Калінкавіцкага відэаблогера затрымалі на тры дні

Відэаблогера Віталя Манько з Калінкавічаў затрымалі на трое сутак 4 чэрвеня. Яго вінавацяць у нявыплаце падаткаў у буйным памеры, перадае Радыё "Свабода".

Блогера і прадпрымальніка затрымалі проста на вуліцы. У яго доме міліцыя правяла ператрус, забрала на праверку камп'ютар, мабільнік, фінансавыя дакументы. 

Паведамляецца, што затрымалі і сястру Віталя. Па версіі праваахоўнікаў, нібыта яны разам былі ўдзельнікамі фінансавай піраміды. Прынамсі, такая інфармацыя праз адваката Віталёвай сястры дайшла да жонкі Валянціны.

Віталь Манько з жонкай Валянцінай гадуюць шасьцёх непаўналетніх дзяцей. Меншаму сыну споўнілася толькі 2 месяцы. На Гомельшчыне Манько набыў вядомасць, калі стаў публікаваць вострыя відэа на YouTube пра дзейнасць мясцовых уладаў, міліцыі і ДАІ.