Іван Краўцоў назваў заявы Ціханоўскай крывадушнымі

Іван Краўцоў

Іван Краўцоў / Еўрарадыё

Іван Краўцоў, актывіст штаба Віктара Бабарыкі і сакратар Каардынацыйнай рады, абурыўся словамі Святланы Ціханоўскай, звернутымі да прэзідэнта ЗША.

У інтэрв'ю выданню Politico лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў сказала, што нельга нармалізаваць сітуацыію, "калі людзей адпускаюць за нейкія саступкі з вашага боку, змякчэнне санкцыяў або публічнасць". На яе думку, "Лукашэнку трэба пакараць, а не ўзнагародзіць".

У сваім пасце ў Фэйсбуку Краўцоў напісаў: "Мужа выпусцілі, астатнія няхай пасядзяць!".

У каментары "Белсату" ён назваў заявы Ціханоўскай крывадушнымі. З аднаго боку, Офіс Святланы Ціханоўскай кажа, што просіць ЗША паспрыяць вызваленню палітвязняў і нібыта сам удзельнічае ў гэтым працэсе. А з другога — Ціханоўская заяўляе, што, маўляў, візіт Кіта Келага быў дарэмны і што нельга нармалізоўваць вызваленне людзей праз такія візіты і кантакты.

"У людзей жа, здаецца, ёсць досвед: блізкага чалавека вызвалілі, ёсць разуменне, што працуе адначасова і ціск, і перамовы. Пра гэта шмат хто ў дэмакратычным руху кажа — Павел Латушка пра гэта гаворыць, што патрэбна камбінаваць стратэгію перамоваў і ціску. Але людзі не разумеюць, яны выходзяць і чамусьці працягваюць рабіць дзіўныя заявы, якія нават не адпавядаюць таму, што кажа Сяргей Ціханоўскі, які бачыў гэтыя жахі там і толькі што выйшаў адтуль. Ён дакладна сказаў, што галоўная мэта – выратаваць людзей, дастаць іх адтуль, з турмаў, з закладнікаў", — тлумачыць сваю пазіцыю Іван Краўцоў.

Ён нагадаў, што муж Святланы Ціханоўскай выйшаў акурат у выніку перамоваў. "Ну я раблю выснову, што ў чалавека сапраўды няма эмпатыі да іншых, што чалавек лічыць, што не трэба выкарыстоўваць гэтыя інструменты, нават атрымаўшы такі, здавалася б, важны для сябе досвед, убачыўшы, што гэта працуе, што камбінацыя ціску і перамоваў працуе. Гэта мая выснова, якую я зрабіў, і я яе напісаў", — пракаментаваў Краўцоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.