Інжынеру "Мінскэнерга" прысудзілі 9 гадоў калоніі па "справе ЧКБ"
Артур Пядзько / фота з сацсетак
Дзевяць гадоў калоніі прысудзілі 44-гадоваму палітзняволенаму інжынеру "Мінскэнерга" Артуру Пядзько. Прысуд быў агучаны ў Мінскім гарадскім судзе 12 красавіка, паведамляе тг-канал dissidentby.
Суддзя Сяргей Хрыпач прызнаў Артура Пядзько вінаватым паводле ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК (дапамога ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці, здзейсненай групай асоб). Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
Артура Пядзько абвінавацілі ў перадачы "экстрэмісцкім тэлеграм-каналам" персанальных звестак больш як 500 службовых асоб тэлеграм-каналам. Мужчыну затрымалі па "справе Чорнай Кнігі Беларусі". Пра затрыманне стала вядома ў лістападзе 2022 года. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
Суддзя Сяргей Хрыпач пасля падзеяў 2020 года вынес як мінімум 43 палітычныя прысуды, адзначаюць праваабаронцы.