Ініцыятыўная група Віктара Бабарыкі сабрала ўжо 230 тысяч подпісаў

Ініцыятыўная група Віктара Бабарыкі сабрала ўжо 230 тысяч подпісаў (калі больш дакладна — 230 001, пра гэты адзін подпіс можна прачытаць тут) за яго вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. Гэтая лічба з'явілася на яго афіцыйным сайце. Раней патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты заяўляў, што хацеў бы сабраць мільён подпісаў і ён "быў бы шчаслівы". А праграмай-мінімум называў 150 тысяч.
У ініцыятыўнай групе Бабарыкі 8,9 тысячы чалавек (больш толькі ў Аляксандра Лукашэнкі — 11,4 тысячы). Збор подпісаў пачаўся 21 траўня. За няпоўныя тры дні было сабрана 35 тысяч подпісаў, але пасля ўдакладнілі — за поўныя тры дні атрымалася больш за 50 тысяч. 8 чэрвеня было заяўлена пра 167 тысяч. А ўжо сёння лічба павялічылася больш чым на 60 тысяч.
Для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты патрабуецца 100 тысяч подпісаў грамадзян Беларусі. Іх можна збіраць да 19 чэрвеня.
Віктару Бабарыку 56 гадоў, ён — былы кіраўнік "Белгазпрамбанка".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.