Інфляцыя ў Беларусі паскорылася праз рост коштаў на гародніну — ЕАБР

Інфляцыя, ілюстрацыйнае фота

Інфляцыя, ілюстрацыйнае фота

Эксперты Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР) прааналізавалі, што ўплывае на паскарэнне інфляцыі ў Беларусі. У красавіку гадавая інфляцыя паскорылася да 6,5%. У сакавіку яна складала 5,9%.

"Рост цэн паскорыўся ва ўсіх ключавых кампанентах спажывецкага кошыка, пры самым прыкметным росце ў спажывецкіх таварах (рост на 8,3% гадавых у красавіку пасля 7,5%)", канстатуюць у ЕАБР.

Эксперты мяркуюць, што асноўнымі фактарамі паскарэння інфляцыі сталі пастаяннае аслабленне беларускага рубля да расійскага і паскарэнне росту коштаў на сезонную гародніну і садавіну.

Яны адзначаюць, што гадавы рост цэн на паслугі ў красавіку склаў 7% (у сакавіку 6,6%), у групе нехарчовых тавараў — 3,6% (у сакавіку 3,2%).

"На дынаміку росту цэн магло аказаць уплыў аслабленне адміністрацыйнага рэгулявання, у рамках якога быў скарочаны пералік рэгуляваных пазіцый і спрошчаны парадак ўзгаднення павышэння коштаў прадпрыемствамі", — кажуць у ЕАБР.

У Беларусі з кастрычніка 2022-га дзейнічае жорсткае дзяржаўнае рэгуляванне цэн. Дзякуючы яму ўлады стрымліваюць інфляцыю. Сёлета ў красавіку некаторыя пазіцыі былі выключаныя з дзяржаўнага спісу.

На 2025 год улады паставілі задачу ўтрымаць інфляцыю на ўзроўні да 5%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.