Ігара Лосіка другі раз запар адправілі ў штрафны ізалятар
Ігар Лосік / svaboda.org
Ігара Лосіка другі раз запар адправілі ў ШІЗА (штрафны ізалятар), пра гэта даведалася Радыё "Свабода", з якім супрацоўнічаў палітвязень. Невядомыя ні прычына пакарання, ні тэрмін.
Больш за паўтара месяца ад Лосіка няма лістоў, да яго не дапускаюць адвакатаў.
Ігар Лосік быў затрыманы 25 чэрвеня 2020 года. У снежні 2021-га яму прысудзілі 15 гадоў пазбаўлення волі.
Ягоную жонку Дар'ю арыштавалі ў кастрычніку 2022-га за інтэрв'ю тэлеканалу "Белсат" пра Ігара.
Новая адвакатка спрабавала наведаць Лосіка ў наваполацкай калоніі 3 красавіка, але яе не пусцілі да падабароннага. У адміністрацыі заявілі, быццам палітвязень сам не напісаў заяву на сустрэчу з адвакатам. Папярэдняя спроба адваката трапіць да Лосіка 10 сакавіка мела такі ж вынік.
Ранейшага адваката Ігара Лосіка Арцёма Сям’янава затрымалі ў Мінску 20 сакавіка. Яму прысудзілі 15 сутак, абвінаваціўшы ў непадпарадкаванні міліцыі, і пасадзілі ў ЦІП. 4 красавіка яго зноў судзілі і прызначылі яшчэ 15 сутак арышту.