Харвацкі генерал выпіў атруту на пасяджэнні Гаагскага трыбунала і памёр (відэа)
Генерал баснійскіх харватаў Слабадан Пральяк на разглядзе апеляцыі ў Міжнародным трыбунале па былой Югаславіі выпіў атруту. Пра тое, што падсудны п'е атруту, ён сам паведаміў суду.
Адзін з харвацкіх тэлеканалаў заяўляе, што пасля гэтага генерал памёр. Аднак суд гэта не пацвярджае, перадае Бі-Бі-Сі.
Гаагскі суд разглядаў апеляцыю Пральяка і яшчэ пяці баснійскіх харватаў на прысуд, вынесены ў 2013 годзе. Тады Пральяка прызналі вінаватым у ваенных злачынствах супраць баснійскіх мусульман і прысудзілі да 20 гадоў пазбаўлення волі.
Падчас апеляцыі суд пакінуў ранейшы вырак. Пачуўшы гэта, Пральяк падняўся і выпіў нейкую вадкасць. Пасля гэтага ён сказаў суддзі, што прыняў атруту. Адвакат Пральяка таксама пацвердзіла, што гэта была атрута.
Суддзя прыпыніў пасяджэнне, да Пральяка выклікалі медыкаў. Пра смерць генерала адзін з харвацкіх тэлеканалаў паведаміў праз тры гадзіны.