Хакеісты зборнай Беларусі атрымалі валявую перамогу над Латвіяй — 4:3

Хакейная зборная Беларусі атрымала ўжо другую перамогу на турніры "Еўравыкліку" ў Ліепаі. Учора каманда Дэйва Льюіса выйграла ў Латвіі — 4:3 (2:1, 1:1, 1:1). Карсумс адкрыў лік на 20-й секундзе, але на 5-й хвіліне ў большасці Усціненка яго зраўняў, а на 11-й Філічкін вывеў беларусаў наперад. На 23-й Мусіенка робіць лік 3:1. Праз сем хвілін у большасці вызначаецца Пуяц — 3:2. Працяглы час закінутых шайбаў не было. Толькі на 53-й у большасці Развадоўскі зноў робіць лік камфортным для беларусаў — 4:2. Аднак праз хвіліну Карсумс дае латышам шанец і яны да апошніх секундаў атакавалі, спрабуючы выратаваць гульню.
Зборная Беларусі гуляла ў наступным складзе: Саманькоў (Барадуля), Усціненка — Хенкель, Лапачук — Развадоўскі — Сцяпанаў; Казнадзей — Яронаў, Дзямкоў — Волкаў — Андрушчанка (капітан); Дзюкаў — Філічкін, Ляўко — Баярчук — Ляўша; Казакевіч — Знахаранка, Мусіенка — Камароў — Амбражэйчык.
Як паведамляла Еўрарадыё, у першым матчы турніра зборная Беларусі выйграла ў Італіі — 1:0. Сёння беларусы згуляюць з Японіяй, пачатак а 14-й гадзіне.
Галоўны трэнер беларускай зборнай Дэйв Льюіс адзначыў, што яго каманда згуляла супраць латышоў значна лепш, чым супраць італьянцаў. І гэта пры тым, што сапернік быў мацнейшым.
Фота: Прессбол