Год таму ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Эдуард Лобаў
Эдуард Лобаў / t.me/belwarriors
Год таму ва Украіне пад Вуглядарам загінуў беларускі добраахвотнік Эдуард Лобаў. У сваім апошнім баі ён прыкрываў параненага камандзіра і выратаваў яму жыццё.
Лобаву было 34 гады. Ён — былы сустаршыня "Маладога фронту". У войску служыў у Віцебску ў паветрана-дэсантнай брыгадзе. Быў у зняволенні ў Беларусі ў 2010-2014 гадах паводле сфабрыкаванай справы, прызнаваўся палітвязнем. З лета 2015-га ваяваў за Украіну, быў у складзе Тактычнай групы "Беларусь". Ваяваў Лобаў супраць расійскіх акупантаў і пасля поўнамаштабнай агрэсіі Расіі 24 лютага 2022-га. Беларус служыў у 72-й асобнай механізаванай брыгадзе Узброеных сіл Украіны. Удзельнічаў у вызваленні Кіеўшчыны і Чарнобыля ад расійскіх акупантаў. Пасля падраздзяленне перакінулі пад Вуглядар.
Эдуарда Лобава пахавалі ў Варшаве на могілках Вайсковыя Павонзкі (Cmentarz Wojskowy na Powązkach). Яго камандзір Іван Завяршынскі звяртаўся да прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага з просьбай надаць Лобаву ганаровае званне Героя Украіны пасмяротна. Беларуса ўзнагародзілі ордэнам "За мужнасць" III ступені. Рада БНР пасмяротна ўзнагародзіла Эдуарда Лобава Медалём Ордэну Пагоні.