Год таму ўлады абяцалі заняцца небяспечнай "зебрай", а ўчора там збілі дзяўчыну

Увечары 11 снежня на пераходзе ля мінскага аквапарка пад колы аўтамабіля трапіла дзяўчына. Здарэнне трапіла на відэарэгістратар: хаця кіроўца Fiat Bravo і паспеў прытармазіць, ад удару ахвяра ДТЗ перакулілася праз капот.
Дазволеная хуткасць тут — 80 км/г, і ёсць спакуса разганяцца яшчэ, бо да выезда з горада — менш за 250 метраў. Да таго ж, здарэнне адбылося ў прыцемках, на дарозе, прыпарошанай снегам. А "зебра" тут не абсталяваная ні светлафорам, ні дадатковымі ліхтарыкамі, якія б зрабілі яе больш заўважнай
"Пры дазволенай хуткасці ў 80 км/г я перад гэтым пераходам заўжды скідаю хуткасць да 60 км/г, і то баюся, што можа не хапіць", — прыгадваюць пераход людзі, якія часта ездзяць па праспекце Пераможцаў. Бяспечнай гэтую "зебру" не назавеш. А іншай дарогі з аквапарка "Лябяжы" на прыпынак, дзе спыняюцца аўтобусы да цэнтра Мінска, няма. Штодня тут праходзяць сотні наведнікаў аквапарка, сярод якіх заўжды шмат дзяцей.
Аварыйныя сітуацыі на гэтай "зебры" ўжо даўно непакоілі пераснал аквапарка. Яшчэ ў ліпені 2015 года яны звярталіся з пытаннем пра небяспечны пераход да намесніка старшыні Мінгарвыканкама Ігара Карпенкі, які курыруе працу аквапарка. "Гэтае пытанне намкіраўніка горада таксама паабяцаў абмеркаваць з начальнікам сталічнай ДАІ", — пісала ў справаздачы пра тую сустрэчу агенцтва "Минск-Новости".
Але за год і пяць месяцаў, што прайшлі з той сустрэчы, светлафор на пераходзе так і не з'явіўся.