Германія перадала Украіне тры РСЗА Mars II і дадатковыя гаўбіцы

Германія перадала Украіне тры РСЗА Mars II і дадатковыя гаўбіцы

Германія перадала Украіне тры абяцаныя рэактыўныя сістэмы залпавага агню Mars II, а таксама тры гаўбіцы Panzerhaubitze 2000. Пра гэта заявіла міністр абароны Германіі Крысцін Ламбрэхт, паведамляе hromadske.ua.

Таксама кіраўніца нямецкага вайсковага ведамства заявіла, што Украіне перададзеныя ўжо пяць артылерыйскіх зенітных установак Gepard. Напярэдадні міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў казаў, што ад немцаў паступілі тры такія ўстаноўкі.

Агулам Украіна павінна атрымаць 30 сістэм Gepard прыкладна з 60 тысячамі боепрыпасаў. Таксама са складоў бундэсвера Украіна ўжо атрымала дзесяць самаходных гаўбіц Panzerhaubitze 2000.

Па словах Ламбрэхт, у верасні Германія перадасць Украіне радар выяўлення артылерыі тыпу Cobra. Адпаведны кантракт ужо падпісаны, і цяпер пачнецца навучанне ўкраінскіх вайскоўцаў.

Сістэма Mars II, якую Германія перадае Украіне, — гэта фактычна ліцэнзійная копія амерыканскай M270 MLRS. Артылерыйская частка сістэмы мае 12 ракет (гэта ўдвая больш, чым у HIMARS) і можа біць на адлегласць да 70 кіламетраў. Увесь боекамплект можа быць адстраляны за 60 секундаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.