Генпракурор знайшоў пагрозу нацбяспецы ў "справе Белгазпрамбанка"

Рэальную пагрозу інтарэсам нацыянальнай бяспецы заўважыў генпракурор Аляксандр Канюк у дзеяннях фігурантаў "справы Белгазпрамбанка". Генпракуратура пачала крымінальную справу па ч. 2 і 3 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (стварэнне злачыннай арганізацыі або ўдзел у ёй).
Генпракуратура разгледзела матэрыялы крымінальнай "справы Белгазпрамбанка". Яна паступілі з Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК.
"Па выніках іх вывучэння з улікам наяўных доказаў Генеральная пракуратура прыйшла да адназначнай высновы аб неабходнасці кваліфікацыі дзеянняў, якія праходзяць па справе асоб як учыненыя ў складзе злачыннай арганізацыі. У сувязі з чым мною прынята рашэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы па ч.ч. 2 і 3 арт. 285 Крымінальнага кодэкса", — прыводзіць БЕЛТА словы Канюка.
Ён заявіў, што злачынныя дзеянні здзяйсняліся сістэмна, на працягу доўгага часу. Пры гэтым выкарыстоўваліся транснацыянальныя супрацьпраўныя схемы. Усё гэта, па словах генпракурора, стварыла пагрозу нацыянальнай бяспецы Беларусі як у фінансавай, так і ў іншых сферах.
"Далейшае расследаванне гэтай крымінальнай справы даручана следчым падраздзяленням органаў дзяржаўнай бяспекі Беларусі", — дадаў ён. Гэта значыць, што следства з ДФР перададзенае ў рукі КДБ. Аднак аператыўнае суправаджэнне расследавання крымінальнай справы будзе па-ранейшаму ажыццяўляць Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК.
Ператрусы ў "Белгазпрамбанку" і шэрагу кампаніяў, афіляваных з ім, прайшлі тыдзень там. У ДФР заявілі, што пачалі крымінальную справу па факце ўхілення ад падаткаў і легалізацыі грошай, атрыманых незаконным шляхам.
18 чэрвеня быў затрыманы экс-старшыня "Белгазпрамбанка" Віктар Бабарыка, прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду. Па словах старшыні Івана Церцеля, Бабарыка быў кіраўніком супрацьпраўнай дзейнасці. Церцель паведаміў, што гаворка ідзе пра вывад за межы Беларусі 430 мільёнаў долараў. Для гэтага, па яго словах, выкарыстоўваліся банкі і кампаніі ў Латвіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.