Генпракуратура абмежавала доступ да “наркатычных” сайтаў
12 інтэрнэт-старонак, праз якія прадаваліся наркатычныя і псіхатропныя рэчывы, стануць недаступнымі для многіх карыстальнікаў.
Рашэнне прынятае ў адпаведнасці з нормамі прэзідэнцкага ўказа ад 1 лютага 2010 года “Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегменту сеткі інтэрнэт”. Праваахоўнікі выступаюць за ўзмацненне адказнасці грамадзян за распаўсюд наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. У бліжэйшы час Генпракуратура разгледзіць гэта пытанне, інфармуе БелаПАН.
Вярхоўны суд таксама выступае за ўзмацненне пакарання за распаўсюд наркотыкаў. Паводле дзеючага заканадаўства, за незаконныя дзеянні з наркотыкамі без мэты іх продажу ў Беларусі прадугледжана да 5 гадоў пазбаўлення або абмежавання волі. За продаж наркотыкаў, якія не лічацца асабліва небяспечнымі, — ад 5 да 8 гадоў пазбаўлення волі. За распаўсюд асабліва небяспечных наркотыкаў, а таксама пры наяўнасці іншых абставінаў — ад 8 да 13 гадоў, і за наркадылерства, здзейсненая арганізаванай групай, — ад 10 да 15 гадоў зняволення.
Намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч лічыць, што санкцыя за выраб наркотыкаў у лабараторных умовах павінна быць не меней за 20 гадоў турмы. Такое меркаванне суддзя выказаў у інтэрв’ю праграме “Контуры” на тэлеканале АНТ.