Газету папярэдзілі за непраўдзівыя звесткі пра склад хакейнай зборнай Расіі
Міністэрства інфармацыі Беларусі вынесла папярэджанне газеце "СНплюс. Свободные новости плюс".
Падставай для гэтага стала публікацыя ў нумары ад 6 траўня 2014 года, прысвечаная хакейнаму чэмпіянату свету. Чыноўнікі звярнулі ўвагу на інфармацыю пра тое, што Расія "не заявіла ніводнага з хакеістаў, якія прымалі ўдзел у алімпійскім турніры ў Сочы". Міністэрства інфармацыі лічыць, што гэты матэрыял не адпавядае сапраўднасці і ўводзіць у зман грамадскасць. Публікацыя газеты "наносіць шкоду грамадскім інтарэсам", "масава дэзынфармуе" жыхароў Беларусі, а таксама "фармуе негатыўныя адносіны да... чэмпіянату свету па хакеі".
У каментары прэс-службе Беларускай асацыяцыі журналістаў галоўны рэдактар газеты Васіль Зданюк адзначыў, што на момант падпісання нумару ў друк інфармацыя цалкам адпавядала рэчаіснасці, і рэдакцыя ніякім чынам не збіралася падаваць непраўдзівыя дадзеныя. Але на наступны дзень расійская зборная раптоўна змяніла ўласную заяўку на чэмпіянат, уключыўшы туды двух хакеістаў, якія ўдзельнічалі ў алімпійскім турніры ў Сочы. Менавіта да гэтага факту і прычапіліся чыноўнікі.
Фота — baj.by, Fotolia