Газета “Вольнае Глыбокае” адзначае юбілей (фота)
Напрыканцы снежня спаўняецца 20 гадоў з моманту выхаду першага нумару гэтага незалежнага выдання.
Незалежная газета “Вольнае Глыбокае” адзначае 20-я ўгодкі з часу выхаду першага нумару. Выданнем газеты ад самага пачатку займаецца жыхар Глыбокага Уладзімір Скрабатун. Назву выдання ён тлумачыць так:
"Вольнае таму, што вольная Беларусь. Беларусь паўстала як незалежная дзяржава, і ў гэтай назве няма ніякага супрацьпастаўлення ўладам або яшчэ якім-небудзь высокім чыноўнікам. Проста “Вольнае Глыбокае” ў вольнай Беларусі".
Газета хутка заваявала папулярнасць у рэгіёне (яна ахоплівае захад Віцебскай вобласці). Дарэчы, на сённяшні дзень гэта адзіная зарэгістраваная незалежная газета на Віцебшчыне. Яна друкуе мясцовыя навіны, краязнаўчыя і гістарычныя матэрыялы, падымае мясцовыя праблемы, у ёй шмат рэкламы і прыватных аб’яў.
Дзесяць гадоў таму "Вольнаму Глыбокаму" давялося ствараць уласную сетку распаўсюду. Кіраўніцтва Белпошты да гэтага часу адмаўляецца заключаць дамову з выдаўцом. Наклад выдання складае больш за дзве тысячы асобнікаў. Уладзімір Скрабатун (на здымку з газетай) запланаваў стварэнне інтэрнэт-сайта, думае пра павелічэнне колькасці палос у газеце.