Гамяльчанін зрабіў фальшывыя 50-рублёўкі, каб набыць сваёй дзяўчыне абутак
22-гадовы жыхар Гомеля творча вырашыў праблему з пошукам грошай на падарунак уласнай дзяўчыне. Ён вырабіў 7 фальшывых банкнотаў па 50 дэнамінаваных рублёў і паехаў у Мінск разлічвацца за абутак, які гэтай дзяўчыне прывезла яе знаёмая.
Прадаўшчыца не адразу скеміла, што гэта фальшыўкі і разгледзіла падробку толькі дома. Жанчына заявіла ў міліцыю і парушальніка хутка затрымалі праз некалькі гадзінаў.
Як высветлілі эксперты, купюры былі надрукаваныя на каляровым прынтэры. Дома ў затрыманага правялі вобшук і забралі капіравальную машыну, аргтэхніку, прынтэр і падрыхтаваныя для вырабу купюр аркушы з аддрукаванымі фальшывымі 50-рублёвымі купюрамі.
Маладому чалавеку выставілі абвінавачанне паводле ч.1 арт.221 КК (выраб, захоўванне або збыт падробных грошай або каштоўных папераў). На час следства з яго ўзялі падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах. Хлопцу пагражае да 7 год пазбаўлення волі, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.