Фонд BYSOL пасля крытыкі выплаціць усе сабраныя грошы вызваленым палітвязням

Палітвязні, вызваленыя 11 верасня

Палітвязні, вызваленыя 11 верасня / LookByMedia

Фонд BYSOL пасля крытыкі ў сацсетках вырашыў цалкам выплаціць палітвязням сабраныя пасля апошняга вызвалення грошы. У арганізацыі прызналі памылку ў рашэнні зарэзерваваць 60 тысяч еўра і выплаціць толькі 50 тысяч.

"Мы ўлічылі заўвагі і крытыку, яшчэ раз прааналізавалі папярэдняе рашэнне BYSOL. […]

На жаль, у тэксце збору гэтыя планы не былі проста прапісаныя. Мы прызнаем гэтую памылку і разумеем, што многія данацілі ўжо пасля дасягнення мэты ў 50 тыс. еўра, каб дапамога для вызваленых была большай", — заяўляюць у фондзе.

У BYSOL кажуць, што гатовыя пачаць выплаты найбліжэйшым часам. Уся сума будзе падзеленая на 52 чалавекі.

"У нас ёсць прамы кантакт з 34 з іх. Мы прыкладаем усе намаганні, каб звязацца з астатнімі вызваленымі. Яны таксама могуць звязацца з намі непасрэдна праз кантакт у Telegram: @bysol_pzk".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.