Выдаў на пратэсты $296 тысяч — прапагандыст пра сузаснавальніка "Варгеймінга"

Мікалай Кацалапаў / gameworldobserver.com
Сузаснавальнік кампаніі "Варгеймінг" Мікалай Кацалапаў выдаткаваў на дапамогу беларускім пратэстоўцам 296 тысяч долараў. Такую лічбу назваў дзяржаўны прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі.
На пачатку красавіка стала вядома, што ў Беларусі на Кацалапава пачалі завочную крымінальную справу — так званую "спецвытворчасць". Яго вінавацілі ў пераводзе соцень тысяч долараў у выглядзе данатаў апазіцыйным структурам. Канкрэтная сума, аднак, не называлася.
Цяпер Шпакоўскі ў сваім тэлеграм-канале мімаходзь згадаў пра Кацалапава: "Адзін з топ-менеджараў кампаніі Wargaming, які пастаянна жыве на Кіпры, прафінансаваў няўдалую спробу дзяржаўнага перавароту на суму $296 тысяч".
У студзені 2023 года Кацалапава ў Беларусі ўнеслі ў спіс "тэрарыстаў". Яго вінавацілі ў фінансаванні "тэрарыстычнай дзейнасці". Пад гэтым меліся на ўвазе данаты на адну з чатырох прызнаных тады тэрарыстычнымі ініцыятываў — "Байпол", рух "Супраціў" (уключна з "Кіберпартызанамі"), "Атрады грамадзянскай самаабароны" і "Нехта".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.