Еўрадэпутаты заклікаюць афіцыйны Мінск раскрыць месцазнаходжанне Статкевіча

Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

Дэлегацыя Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю апублікавала заяву, у якой выказала занепакоенасць з нагоды знікнення Мікалая Статкевіча.

"Адмова беларускіх уладаў раскрыць яго месцазнаходжанне і стан выклікае сур'ёзныя асцярогі, што яго зноў вярнулі пад варту. Гэтая сітуацыя ўяўляе сабой гвалтоўнае знікненне — грубае парушэнне міжнароднага права, як падкрэслівае Amnesty International", — гаворыцца ў заяве, якую падпісалі кіраўнікі дэлегацыі ЕП па сувязях Беларуссю Малгажата Гасеўская, Томаш Тобэ і Міхал Кабоска.

Поўную адказнасць за жыццё і бяспеку Статкевіча еўрадэпутаты ўскладаюць на афіцыйны Мінск. Яны заклікаюць рэжым Лукашэнкі неадкладна паведаміць, дзе знаходзіцца палітык, гарантаваць яго бяспеку і свабоду. Таксама еўрадэпутаты прапануюць спыніць гандаль падітвязнямі і без умоваў вызваліць усіх людзей, зняволеных за ажыццяўленне сваіх асноўных правоў.

Таксама яны заклікаюць рэжым Лукашэнкі спыніць прымусовую дэпартацыю былых палітвязняў: "Усім грамадзянам Беларусі павінна быць гарантавана права свабодна жыць і працаваць у сваёй краіне. Гэта патрабуе поўнай рэабілітацыі былых палітвязняў, неадкладнага спынення іх пераследу і стыгматызацыі, а таксама прыняцця эфектыўных мер па падтрымцы іх рэінтэграцыі ў грамадства".

Мікалай Статкевіч быў вызвалены з-за кратаў 11 верасня ў ліку 52 палітвязняў. Усіх іх прымусова вывезлі ў Літву, толькі Статкевіч выбіў дзверы аўтобуса і выйшаў на мяжы, адмаўляючыся пакідаць Беларусь. Пасля некалькіх гадзін на мяжы, ён вярнуўся ў Беларусь, і яго забралі людзі ў масках.

Цяперашняе месцазнаходжанне Статкевіча невядомае. У СМІ з'яўляліся звесткі, што яго вярнулі ў калонію ў Глыбокае, дзе ён адбываў тэрмін дагэтуль. Аднак у самой калоніі жонцы палітвязня Марыне Адамовіч гэтую інфармацыю не пацвердзілі і не сказалі, дзе цяпер перабывае яе муж. Яна падала заяву ў міліцыю на яго пошук.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.