ЕСПЧ прызнаў Расію вінаватай у крушэнні малайзійскага Boeing

"Боінг" рэйса MH17, падбіты на Данбасе ў 2014 годзе

"Боінг" рэйса MH17, падбіты на Данбасе ў 2014 годзе / Reuters

Расія вінаватая ў парушэнні цэлага шэрагу артыкулаў Канвенцыі па абароне правоў чалавека. Такое рашэнне прыняў Еўрапейскі суд па правах чалавека, разгледзеўшы справу "Украіна і Нідэрланды супраць Расіі", перадае DW.

У справе аб'ядналі чатыры міждзяржаўныя заявы. Першыя дзве Украіна падала ў 2014 годзе. Яны датычылі парушэнняў правоў чалавека на акупаваных Расіяй тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласцей. У тым ліку ў іх згадвалася выкраданне трох груп украінскіх дзяцей і іх незаконны вываз у РФ.

Трэцюю заяву падалі Нідэрланды ў 2020 годзе. Гэта справа аб катастрофе рэйса MH17 над Данбасам у ліпені 2014 года. Чацвёртую заяву Украіна падала ў 2022 годзе: у ёй Расію вінавацяць у парушэннях правоў чалавека, здзейсненых пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання.

Расія афіцыйна выйшла з еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека 16 верасня 2022 года. На аснове гэтай канвенцыі грунтуецца дзейнасць ЕСПЧ. Нягледзячы на выхад Масква працягвае несці адказнасць перад судом за парушэнні правоў чалавека, учыненыя да даты выхаду.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.