ЕС можа прыпыніць санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў
Гэтае пытанне можа разглядацца на сустрэчы міністраў замежных спраў ЕС 4-5 верасня ў Люксембургу.
Еўрасаюз можа прыпыніць санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў. Гэтае пытанне плануецца разгледзець на нефармальнай сустрэчы міністраў замежных спраў ЕС 4-5 верасня ў Люксембургу, паведамляе ТАСС са спасылкай на крыніцу ў інстытутах ЕС.
Нагодай для такога рашэння называецца вызваленне шасці беларускіх палітвязняў у суботу, 22 жніўня.
"Гэтыя кансультацыі носяць свабодны характар, і тэма санкцый у дачыненні да Беларусі не ўваходзіць у іх парадак дня, бо там няма парадку дня як такога. Аднак шэраг краін ЕС ужо выказалі намер падняць пытанне аб прыпыненні дзеянняў рэжыму санкцый як мінімум на год", — перадае ТАСС словы сваёй крыніцы.
Прадстаўнік еўраструктураў асабліва падкрэсліў, што гаворка можа ісці "толькі пра часовую замарозку, але не пра адмену рэжыму санкцый". Па яго словах, замарозка санкцыяў можа быць уведзеная на паўгода ці год, але не пра поўную адмену. Прычына ў тым, што нават вызваленне палітвязняў было прынятае аднаасобным рашэннем Лукашэнкі і не стала вынікам глыбокіх рэформаў судовай сістэмы і дэмакратызацыі палітычнага працэсу.
Нагадаем, што раней прадстаўнікі Еўрасаюза і ЗША прывіталі вызваленне беларускіх палітвязняў.
Еўрасаюз прывітаў вызваленне палітвязняў у Беларусі
ЗША вітаюць вызваленне беларускіх апазіцыянераў
Фота: AP