Электрацягнікі Stadler у Беларусі могуць быць выведзены з эксплуатацыі

Няма чым рамантаваць / "Флагшток"
З 28 камфортных электрацягнікоў Stadler, замацаваных за маторавагонным дэпо Мінск, пяць ужо выведзены з эксплуатацыі, у тым ліку чатыры саставы серыі ЭПг, што выкарыстоўваюцца на гарадскіх лініях, і адзін — ЭПм (сямівагоны, бізнэс-клас), паведамляе “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі”.
Як мінімум тры саставы знаходзяцца ў рамонце, а ў бліжэйшы час яшчэ пяць цягнікоў могуць быць выведзены з эксплуатацыі праз канчатковы знос хадавых частак.
Асабліва паказальны выпадак з электрацягніком Stadler серыі ЭПм-002, які пацярпеў у выніку сутыкнення з лесавозам. Яго аднаўленне адкладзена як мінімум на год праз адсутнасць як колавых пар, так і больш складаных дэталяў, уключаючы аўтасчэпкі і пнеўматычныя клапаны.
Электрацягнікі швейцарскай кампаніі Stadler былі закуплены з 2010 года для замены састарэлых савецкіх саставаў.
У чым прычына зняцця цягнікоў з маршрутаў?
Няма чым рамантаваць электрацягнікі. Пасля ўвядзення санкцый Еўрасаюза і разрыву афіцыйнага супрацоўніцтва з Мінскам, Stadler спыніў пастаўкі запасных частак і тэхнічную падтрымку.
Перш за ўсё гаворка ідзе пра колавыя пары, стан якіх з’яўляецца ключавым элементам бяспекі любога цягніка. Без своечасовай замены або аднаўлення эксплуатацыя становіцца немагчымай.
Пры гэтым Беларуская чыгунка разглядае варыянт паставак запасных частак для рамонту і абслугоўвання з Польшчы па "шэрых схемах" — аўтатранспартам у абыход санкцыйнага кантролю.
Гаворка ідзе пра прамыя пастаўкі з завода Stadler Polska, паведамляюць чыгуначнікі. Калі такія цягнікі зноў з’явяцца на лініях — гэта будзе сведчыць пра абыход санкцый і факт супрацоўніцтва еўрапейскага бізнесу з беларускім дзяржаўным перавозчыкам, падкрэсліваюць у супольнасці.
Што замест Stadler?
Пакуль Stadler прастойваюць, кіраўніцтва чыгункі вяртае на маршруты старыя савецкія саставы ЭР9. На міжрэгіянальных лініях бізнэс-класа выкарыстоўваюцца вагоны лакаматыўнай цягі, што азначае пагаршэнне сервісу, камфорту і павелічэнне часу ў дарозе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.