"Экстрэмісцкай арганізацыяй" у РБ хочуць абвясціць ЕГУ
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт / facebook.com/EHUOfficial
Рэжым Лукашэнкі хоча абвясціць Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт "экстрэмісцкай арганізацыяй". Адпаведную прапанову падрыхтавала КДБ, а ў Вярхоўны суд накіраваў генпракурор Андрэй Швед.
У перспектыве гэта азначае забарону дзейнасці Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, а таксама яго сімволікі і атрыбутыкі на тэрыторыі Беларусі.
Генпракурор Швед лічыць, што ЕГУ "выкарыстоўваецца спецслужбамі некаторых сумежных краінаў для нанясення стратаў інтарэсам Беларусі ў палітычнай, гуманітарнай і інфармацыйнай сферах". А сярод прэтэнзій да ўніверсітэта ў Генпракуратуры выказваюць "прасоўванне ідэяў еўрапейскасці".
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў заснаваны ў Беларусі, але на пачатку 2000-х улады выціснулі яго з краіны. З таго часу навучальная ўстанова дзейнічае ў Літве.