Эксперт: Запрасіць Лукашэнку ў Рыгу Еўрасаюзу падказвае палітычная логіка
Чаму ў Бруселі могуць закрыць вочы на палітвязняў і запрасіць беларускага кіраўніка на саміт Усходняга партнёрства, разважае палітолаг Васіль Філіпчук
Даведка Еўрарадыё: Васіль Філіпчук — украінскі дыпламат, палітык, з 2011 па 2012 — кіраўнік Палітычнага дэпартамента МЗС Украіны, з 2012 па 2013 — дырэктар Дэпартамента еўрапейскай інтэграцыі Сакратарыята Кабінета міністраў Украіны, з 2014 — кіраўнік праўлення Міжнароднага цэнтра перспектыўных даследаванняў.
Еўрарадыё: Напярэдадні саміта Усходняга партнёрства шмат спрэчак на тэму, ці запросяць у Рыгу Аляксандра Лукашэнку.
Васіль Філіпчук: Канчатковае рашэнне наконт запрашэння тых ці іншых лідараў будзе прымацца тыдні праз два-тры — у пачатку красавіка. І ў мяне цяпер такое ўражанне, што Беларусь мае сур’ёзны шанец выйсці з ізаляцыі, якая прымянялася Еўрасаюзам цягам апошніх амаль 20 гадоў. Фактычна, Беларусь змагла знайсці сваё месца ў якасці незалежнай пляцоўкі для зносінаў паміж рознымі бакамі канфлікту, што па віне Расіі разгарэўся на ўсходзе Украіны. І той факт, што менавіта ў Мінску праходзілі сустрэчы з гэтай нагоды, той факт, што калі раней нават міністры замежных спраў не хацелі ехаць у Мінск, а цяпер туды еўрапейскія лідары без пытанняў прыязджаюць, — гэта вельмі сур’ёзна.
Апроч таго, не трэба забывацца, што Беларусь цяпер фактычна стала варотамі для заходняга экспарту ў Расію. Усе ведаюць, як апошнім часам выраслі пастаўкі еўрапейскіх яблыкаў, груш ды іншых тавараў у Беларусь. Ну зразумела ж, што імгненна павялічыць у 5 разоў спажыванне беларусамі бельгійскіх груш немагчыма. Мы разумеем, якая роля Беларусі ў гэтых гандлёвых схемах, і гэта выклікае і разуменне, і сімпатыю. І вось атрымалася, што ў кантэксце, калі Украіна пакутуе ад расійскай агрэсіі, а Расія — ад еўрапейскіх санкцый, Беларусь можа сур’ёзна выйграць. Менавіта таму, лічу, ёсць вялікія шанцы для таго, каб у Еўрасаюзе пераглядзелі месца і ролю і ўсяго Усходняга партнёрства, і Беларусі ў гэтым Усходнім партнёрстве. Я не выключаю, што Лукашэнка можа быць запрошаны на саміт у Рыгу.
Еўрарадыё: У Еўрасаюзе так лёгка могуць забыцца на ўсе патрабаванні, якія ў іх былі да нашай краіны і запрасіць неўязнога ў ЕС чалавека?
Васіль Філіпчук: Ён быў не тое каб неўязны, а найперш нерукапаціскальны. А цяпер яму руку падаюць без аніякіх пытанняў. Мяняецца ўся геапалітыка Еўропы, мяняецца ўся сітуацыя на кантыненце ў адносінах паміж краінамі. І гэта акурат тое акно магчымасцяў, калі можна выскачыць з логікі развіцця адносінаў, вызначаных у 1998 годзе, якіх прытрымліваліся да мінулага года. Я не сцвярджаю на сто адсоткаў, што ЕС прыме такое рашэнне і Лукашэнку запросяць, але бачу, што такая магчымасць існуе. З пункту гледжання любой дыпламатычнай гульні гэта было б вельмі правільна і мудра. А мы знаходзімся на этапе вельмі актыўнай дыпламатычнай гульні, і кожны з бакоў разумее, якія ў яго ёсць магчымасці, механізмы і інструменты. Калі б я цяпер быў на месцы еўрапейскіх дыпламатаў, то я б згуляў гэтай картай. Упэўнены, што Лукашэнка пайшоў бы насустрач, упэўнены, што Пуцін адчуў бы, што яго абыходзяць з іншага боку.
Калі глядзець на агульную карціну адносінаў Еўропа-Расія, на месца ў ёй Беларусі, Казахстана, на колькасць рэсурсаў і арсеналу для абароны ці нападу ў Расіі, робіцца цалкам відавочна, што гэтую “беларускую карту” неабходна выкарыстаць. Выкарыстаюць яе ці не, сказаць з поўнай упэўненасцю не магу, але па логіцы развіцця падзей я не выключаю, што гэта карта можа быць выкарыстаная.
Еўрарадыё: Тут працуе толькі такая палітычная логіка?
Васіль Філіпчук: Я не кажу, што гэта было б правільна. Бо дэмакратыя ў Беларусі не стала відавочным фактам, як і свабода слова. Так што такое запрашэнне, магчыма, было б і няправільным, але гэта было б лагічна. А вось чым будуць кіравацца кіраўнікі Еўрасаюза: логікай ці прынцыпамі, інтарэсамі ці прынцыпамі, я не ведаю.
Еўрарадыё: І ўсё ж Лукашэнка знаходзіцца ў спісе асоб, на якіх распаўсюджваюцца візавыя санкцыі ЕС. Каб запрашэнне было аформленае па ўсіх правілах, яго мусяць выкрасліць з таго спісу?
Васіль Філіпчук: Не, тут усё значна прасцей. Гэта кіраўнік дзяржавы, і тут размова ідзе найперш аб прызнанні яго кіраўніком дзяржавы, які быў абраны на выбарах, якія ў ЕС прынята лічыць недэмакратычнымі. А калі кіраўніка дзяржавы запрашаюць на міжнароднае мерапрыемства, то ён карыстаецца дыпламатычным імунітэтам. Як прыклад: нават калі Злучаныя Штаты вядуць вайну з Лівіяй ці яшчэ якой краінай, то кіраўнікі гэтых краін могуць спакойна прыляцець на Генасамблею ААН, і ніякія санкцыі ЗША на іх не ўплываюць. Так што калі будзе прынятае рашэнне запрасіць Лукашэнку на саміт у Рыгу, не трэба будзе ніякага перагляду санкцыйнага спісу — ён паедзе ў якасці кіраўніка дзяржавы, якая карыстаецца прывілеямі Венскай канвенцыі. Не думаю, што дзеля такога візіту нешта трэба пераглядаць, як не думаю, што ЕС пойдзе на такі перагляд.
Еўрарадыё: Ці будзе факт запрашэння азначаць перагляд Еўрасаюзам свайго стаўлення да “недэмакратычнасці” прэзідэнцкіх выбараў 2010 года?
Васіль Філіпчук: Гэта будзе азначаць, што сёння ў нас зусім іншая геапалітычная сітуацыя ў Еўропе і што ў нас перагляд усіх падмуркаў адносінаў, што склаліся цягам апошніх 23 ці 24 гадоў.
Еўрарадыё: Галоўнае патрабаванне з боку ЕС да кіраўніка Беларусі — вызваленне палітычных зняволеных. Як еўрапейскія выбаршчыкі паставяцца да таго факту, што запрашэнне Лукашэнку дашлюць, але палітвязні застануцца за кратамі?
Васіль Філіпчук: У Кітаі палітзняволеных некалькі тысяч, але дыялог з Кітаем ЕС вядзе без аніякіх праблем. Дыялог не супярэчыць патрабаванню вызваліць палітзняволеных. Безумоўна, будуць тыя, хто сам факт вядзення дыялогу пры наяўнасці палітвязняў у краіне будзе інтэрпрэтаваць негатыўна, але, з іншага боку, калі размова ідзе пра захаванне міру ў Еўропе, то можна зразумець еўрапейскіх лідараў, якія могуць пайсці на кантакт з Лукашэнкам. Нават у тым выпадку, калі ён не выканаў усе патрабаванні, што былі перад ім пастаўленыя, як умова для прызнання яго ў якасці партнёра ў адносінах з Еўрасаюзам. У нас зусім іншы кантэкст.
Еўрарадыё: Днямі еўрадэпутат Эльмар Брок сказаў, што пытанне запрашэння Лукашэнкі на саміт у Рыгу будзе дыскутавацца ў Еўрапарламенце. За кім будзе апошняе слова?
Васіль Філіпчук: За кіраўнікамі дзяржаў-сябраў ЕС. Гэта рашэнне будзе прымаць Еўрапейскі Савет.
Фота: ukrainian.voanews.com , dt.ua