Эксперт: Размова Vovan222 з Лукашэнкам “каштавала” 50-70 тысяч долараў

Тэарэтычна расійскаму пранкеру сапраўды магло пашанцаваць. Праўда, для гэтага неабходна, каб сышлося некалькі спрыяльных фактараў, разважае былы ўкраінскі разведчык Аляксей Арастовіч.

Аляксей Арастовіч: “Нічога немагчымага няма. У прынцыпе, патэлефанаваць на “закрыты” тэлефон, які ведае пэўнае кола асоб, не асабліва складана для людзей са спецслужбаў ці міжнародных камерцыйных арганізацый, якія маюць уплыў на гэтую групу асоб і маглі атрымаць гэты нумар. Ну, а далей справа тэхнікі і гумару”.

                                        Аляксей Арастовіч

Праўда, у выпадку з беларускім кіраўніком усё не так проста, дадае суразмоўца Еўрарадыё.

Аляксей Арастовіч: “Я не веру ў гэта. Калі ведаць Лукашэнку і сістэму яго бяспекі, гэта проста нерэальна”.

Смеласць гарады бярэ, пагаджаецца з украінскім калегам Андрэй Паратнікоў, кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog. Што да сістэмы бяспекі беларускага лідара, то і яе прарваць можна было нахабствам — ніхто проста ўявіць сабе не мог, што хтосьці наважыцца разыграць Аляксандра Лукашэнку, прыкрываючыся прозвішчам Януковіча. Але не выключае, што і без удзелу спецслужб магло не абысціся.

У тым, што спецслужбы мелі дачыненне да яго размовы з Лукашэнкам, прызнае і Vovan222 у размове з Еўрарадыё. Але па яго версіі, роля іх была толькі ў тым, каб запісаць размову, а потым перадаць яе ўкраінскім журналістам.

Vovan222: “Я быў вельмі здзіўлены, калі ў нядзелю позна ноччу спачатку ўсплыла тэкставая расшыфроўка нашай размовы ў аднаго з украінскіх журналістаў, а на наступны дзень запіс з’явіўся на адным украінскім сайце. І гэтыя асобы запіс уключылі раней, чым гэта зрабіў я. Таму я лічу, што нехта падслухаў нашу размову, сапраўды прыняў мяне за Януковіча і зліў размову кіеўскім уладам”.

                                                Vovan222

Праўда, дадае цікавую фразу: быў прынамсі на 50% упэўнены, што пагаварыць з Аляксандрам Лукашэнкам у яго атрымаецца. Гэта, сцвярджае іншы суразмоўца Еўрарадыё, які не пажадаў, каб яго называлі і запісвалі голас, сведчыць пра больш “шчыльны” ўдзел спецслужбаў у аперацыі “Пранкер Vovan222 vs Аляксандр Лукашэнка”. І тлумачыць, як тэхнічна арганізоўваюцца такія аперацыі.

Паводле тлумачэння, ад пачатку спецслужбы ведаюць два тэлефоны — у адміністрацыі беларускага прэзідэнта і Януковіча-малодшага. Потым “практычна робіцца новая копія тэлефона, бо некаторыя рэчы на камп’ютары проста не зробіш сёння”. У дадзеным выпадку — копія тэлефона Януковіча, сапраўдны нумар якога на момант званкоў мусіць цалкам і, галоўнае, незаўважна выпасці з сеткі.  Пры гэтым, улічваючы, што ад Лукашэнкі маглі тэлефанаваць у любы момант, сістэма кантролю мусіла быць увесь час падключаная. Працэдура гэтая, сцвярджае суразмоўца Еўрарадыё, вельмі складаная і досыць дарагая. Без падключэння сур’ёзнай спецслужбы гэта зрабіць практычна нерэальна. А кошт такой аперацыі — мінімум 50-70 тысяч даляраў. І дадае: у выпадку размовы з Лукашэнкам спецслужбы як мінімум рабілі дзве рэчы: зліў тэлефонаў і поўнае тэхнічнае прыкрыццё…

Што такое сапраўды практыкуецца, прызнае і былы разведчык Аляксей Арастовіч.

Аляксей Арастовіч: “Калі такія канфлікты адбываюцца, сума ў 50-70 тысяч долараў — гэта ўвогуле не лічба для людзей, якія хочуць паўплываць на сітуацыю ці проста “развесці” некага. Патраціць на апаратуру, якая дазволіць так ці інакш улезці ва ўрадавую сетку і нейкую інфармацыю перадаць, 50-70 тысяч долараў — гэта ўвогуле дробязь. Ёсць інфармацыя па Кіеве, што для вырашэння пытанняў такога кшталту адразу плаціцца ганарар у 1 мільён долараў”.

Калі без спецслужбаў не абышлося, то якіх? Vovan222 мяркуе, што яго размову запісвалі альбо нейкія замежныя спецы, альбо СБУ. Аляксей Арастовіч з гэтым не згодны і намякае на ФСБ. Маўляў, яны гэта арганізавалі і запісалі, перакінулі сваім калегам з СБУ, а тыя “злілі” інфу вядомаму журналісту Мустафу Наему. Андрэй Паратнікоў, які пагаджаецца, што спецслужбы толькі скарысталіся магчымасцю і запісалі размову, схіляецца да думкі, што гэта хутчэй за ўсё было ФСБ.

Андрэй Паратнікоў: “Не ведаю, наколькі гэты Vovan сам “чалавек пад каўпаком”, але гэтая сітуацыя кантралявалася спецслужбамі, механізмы тут могуць быць розныя. Але зліў быў менавіта з Расіі і, адпаведна, з боку расійскіх спецслужбаў”.

                           Андрэй Паратнікоў

Зроблена гэта было, лічыць эксперт, каб данесці да Кіева тое, што там і так добра ведаюць: што Лукашэнку не варта давяраць і не трэба лабіраваць яго інтарэсы на Захадзе.

Фота: Змітра Лукашука, з архіва Аляксея Арастовіча, pay247.ru