Экс-супрацоўнік Службы бяспекі Лукашэнкі — выканаўчы дырэктар у Белгазпрамбанку

Сяргей Чэпікаў / t.me/cpartisans_by/
Экс-супрацоўнік Службы бяспекі Лукашэнкі Сяргей Чэпікаў стаў выканаўчым дырэктарам у "Белгазпрамбанку". Ён працаўладкаваўся там у канцы лета мінулага года. Публічна пра гэта нідзе не паведамлялася, на сайце банка пра яго згадкі няма, піша "Бюро". Паводле даных Кіберпартызан, Чэпікаву 49 гадоў. Ён служыў у Службе бяспекі як мінімум з 2005-га да 2021 года. У яе трапіў з беларускага войска, дзе ў тым ліку служыў у кіналагічным цэнтры.
Журналісты датэлефанаваліся да Сяргея Чэпікава, і ён пацвердзіў сваё прызначэнне. На пытанне, чаму менавіта ён атрымаў дырэктарскую пасаду ў "Белгазпрамбанку", адказаў наступнае: "Ну, напэўна, таму што варты". У СБП ён не працаваў менавіта "целаахоўнікам Лукашэнкі", а якую там выконваў функцыю, не захацеў расказваць.
Гэта не першае прызначэнне былых супрацоўнікаў Службы бяспекі Лукашэнкі на кіраўнічыя пасады ў банках. У канцы мінулага года стала вядома, што галоўнага ахоўніка Аляксандра Лукашэнкі Аляксея Ляшкевіча адправілі ў "Беларусбанк". Для яго стварылі новую пасаду — выканаўчага дырэктара, які курыруе дэпартамент бяспекі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.