Экс-амбасадар Брытаніі ў Беларусі стаў аб'ектам пераследу з боку жанчыны

Найджэл Гулд-Дэвіс / ispionline.it
Суд у Лондане разглядае справу, у якой фігуруе Найджэл Гулд-Дэвіс, які быў амбасадарам Вялікабрытаніі ў Беларусі ў 2007-2009 гадах. Ён стаў аб'ектам пераследу і цкавання з боку жанчыны, з якой сустракаўся, заўважыў сайт reform.news.
Гулд-Дэвіс у дадатку для знаёмстваў Bumble пазнаёміўся з жанчынай, якую звалі Нур Хаям. Неўзабаве ў іх завязаліся адносіны і яны рэгулярна сустракаліся — як правіла, некалькі разоў на тыдзень. Пасля растання дыпламат выявіў, што сапраўднае імя жанчыны — Фарах Дамджы.
Паводле звестак пракурора, Дамджы пачала паклёпніцкую кампанію супраць Гулд-Дэвіса. Яна звязвалася з яго калегамі па працы, паклёпнічала на мужчыну і дасылала яму асабіста "вельмі абразлівыя лісты". Жанчына выкарыстоўвала некалькі імёнаў. Яна адпраўляла лісты ў Гарвардскі ўніверсітэт і рэдакцыю the New York Times, у якіх вінаваціла экс-амбасадара ў хатнім гвалце і газлайтынгу. Таксама яна стварыла фэйкавую старонку ў Твітары (цяпер X) пад імем John Hanigan, каб высмейваць Гулд-Дэвіса.
Дамджы з'яўляецца заснавальніцай часопіса The View. Усе электронныя лісты, падпісаныя чужымі імёнамі, удалося адсачыць да адрасу, звязанага з часопісам, заяўляе абвінавачванне.
Таксама пракурор кажа, што Дамджы скрала з дому Гулд-Дэвіса "дакумент, які знаходзіцца пад абаронай юрыдычнай таямніцы", а потым пагражала выкласці яго ў інтэрнэт.
Калі дыпламат на пачатку 2024-га спрабаваў схавацца ад яе ў Берліне, жанчына не пакінула яго ў спакоі, працягваючы дасылаць лісты з пагрозамі. Потым яна прыехала ў іспанскі горад, дзе жыве маці Гулд-Дэвіса.
Таксама пракурор сцвярджае, быццам Дамджы займалася махлярствам з банкаўскай карткай экс-амбасадара. У снежні 2023 года зніклі адна з крэдытак Гулд-Дэвіса і яго пашпарт. Потым у выпісцы выявіліся невытлумачальныя плацяжы на суму каля 13 тысяч фунтаў.
У сакавіку 2024-га Дамджы арыштавалі пры спробе вылецець у Берлін. На судзе яна не прызнае сябе вінаватай.
58-гадовая Дамджы раней ужо некалькі разоў судзілі і прысуджалі да турэмных тэрмінаў. У ЗША, ПАР і Вялікабрытаніі яе вінавацілі ў крадзяжах, падробцы дакументаў, перашкодзе правасуддзю, пераследзе (сталкінгу).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.