Дырэктарку кнігарні ў Пецярбургу будуць судзіць за кнігу беларускага анархіста

Ігар Аліневіч / spring96.org
На Алену Арлову, дырэктарку санкт-пецярбургскай кнігарні "Падпісныя выданні", склалі пратакол за ўдзел у дзейнасці непажаданай арганізацыі. Ёёй пагражае суд.
Нагодай стала кніга беларускага анархіста Ігара Аліневіча "Еду ў Магадан". Адзін з грамадзян набыў яе ў кнігарні падчас "кантрольнай закупкі", піша fontanka.ru. Наклад быў выдадзены пры падтрымцы замежнай НКА анархісцкіх поглядаў, якая ў Расіі ўключаная ў пералік непажаданых арганізацый. Сама кніга ў рэестр экстрэмісцкіх матэрыялаў не ўваходзіць.
Ігар Аліневіч — беларускі актывіст анархісцкага руху. У кастрычніку 2020 года яго разам з групай паплечнікаў затрымалі недалёка ад беларуска-ўкраінскай мяжы. У снежні 2021-га Аліневічу прысудзілі 20 гадоў пазбаўлення волі. Анархістаў абвінавацілі ў падпале службовых машын, будынкаў ДАІ і Дзяржкамітэта судовых экспертыз у Гомелі, а таксама ў незаконным перамяшчэнні праз мяжу забароненых рэчываў, агнястрэльнай зброі і выбуховых прылад.
Кніга "Еду ў Магадан" упершыню пабачыла свет у 2013 годзе. У ёй Аліневіч расказваў пра сваё затрыманне ў 2010 годзе за напад на расійскую амбасаду ў Мінску.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.