Дырэктарка тэлеканала "Белсат" распавяла пра яго далейшую працу

Дырэктарка тэлеканала "Белсат" Агнешка Рамашэўская-Гузы выступіла з заяваю наконт далейшай працай каналу. Нагодай стала заява міністра замежных справаў Польшчы Вітольда Вашчыкоўскага ў СМІ. Па словах міністра, тэлеканал плануецца перавесці ў інтэрнэт, а журналістаў — на TVP Polonia.
У сваёй заяве Рамашэўская падкрэсліла, што "Белсат" працягне працаваць па-ранейшаму, "пакуль кіраўніцтва TVP не пастановіць змяніць рэжыму працы".
Яна адзначыла, што не знаёмая з канцэпцыяй, якую апісаў Вашчыкоўскі, хоць сама Рамашэўская працавала над стварэннем адзінку "TVP Zagranica" ("Замежжа"). Па яе словах, у гэтую адзінку меліся ўвайсці каналы, "якія транслююць асобна і якія скіраваныя на гледача за межамі Польшчы". Менавіта туды меліся ўвайсці "TVP Polonia" і "Белсат".
Дарэчы, беларускамоўны канал пачаў паралельную працу над новым, дадатковым расійскамоўным каналам і працу над англамоўнымі (магчыма, нямецкамоўнымі) перадачамі для будучай TV–V4 (гэтак званае "Вышаградскае Тэлебачанне").
Рамашэўская заяўляе, што канцэпцыю, агучаную міністрам Вітольдам Вашчыкоўскім, трэба абмеркаваць на прафесійным узроўні. Яна спасылаецца на тое, што гэты праект моцна адрозніваецца ад варыянтаў, якія абмяркоўваліся дагэтуль.