Два мінчукі скралі 250 пляшак піва
Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Маскоўскага РУУС Мінска затрымалі двух маладых людзей, якія скралі 253 пляшкі піва (на агульную суму 304 рублі), паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.
Уначы мужчыны забраліся на тэрыторыю транспартнай кампаніі, дзе стаялі грузавікі з півам. Скрадзеную прадукцыю яны перанеслі дадому да аднаго з іх. Піва зламыснікі пілі самі і прадавалі знаёмым.
Пасля затрымання высветлілася, што мужчыны нідзе не працуюць. Аднаму 21 год, другому 22. Адзін з маладых людзей раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за крадзяжы ровараў.
Цяпер Следчы камітэт пачаў на іх крымінальную справу за крадзеж. Ім пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.