Доступ у інтэрнэт у Мінску аднавіўся

Зранку 12 жніўня ў Мінску часткова аднавіўся доступ у інтэрнэт: сталі працаваць сацсеткі, месенджары (Telegram, Viber, WhatsApp), пошукавікі (Google, Яндэкс) і іншыя сайты. Таксама зноў даступнай стала анлайн-замова таксі.
Карыстальнікі могуць зайсці на большасць сайтаў без выкарыстання VPN і Proxy. Хаця ёсць звесткі, што не ўсім удаецца адчыніць папулярныя ў Беларусі рэсурсы TUT.by і Onliner.
Праблемы з доступам у інтэрнэт пачаліся ў Беларусі ў дзень выбараў — 9 жніўня. За некалькі дзён да таго сакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў папярэдзіў кандыдатаў у прэзідэнты, што інтэрнэт у краіне ў дзень выбараў могуць адключыць.
Непасрэдна 9 жніўня "Белтэлекам" паведаміў, што праблемы з інтэрнэтам звязаныя са шкодным трафікам, які ідзе з-за межаў Беларусі: маўляў, кібератакі накіраваныя на сайты дзяржорганаў. Аднак менавіта сайты дзяржорганаў працягвалі адчыняцца нармальна, хаця доступ да ўсіх астатніх быў істотна ўскладнены.
10 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што інтэрнэт у Беларусі адключаюць "з-за мяжы", а не з ініцыятывы ўладаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.