Дэпартамент Маска DOGE датэрмінова ліквідавалі
Ілан Маск / Reuters
"Дэпартамент дзяржаўнай эфектыўнасці" Ілана Маска афіцыйна ліквідаваны. Праз гэтае ведамства ў ЗША былі звольненыя сотні дзяржаўных службоўцаў.
DOGE мусіў працаваць яшчэ восем месяцаў — да ліпеня 2026 года. Але нешта пайшло не так. "Яго не існуе", — адказаў на пытанне Reuters пра статус дэпартамента Скот Купар, дырэктар упраўлення па пытаннях персаналу ў адміністрацыі Дональда Трампа. Якраз гэтая структура і пераняла некаторыя функцыі DOGE.
Гэта першы раз, калі ўлады ЗША публічна прызнаюць, што дэпартамент Ілана Маска спыніў працу. DOGE быў створаны ў першыя дні пасля інаўгурацыі Трампа. Праз нейкі час там пахваліліся, што змаглі скараціць дзяржаўныя выдаткі на дзясяткі мільярдаў долараў. Але знешнія фінансавыя эксперты не змаглі гэта пацвердзіць, бо ведамства не дало справаздач.
Прыканцы траўня Трамп і Маск пасварыліся. Мільярдэр сышоў з прэзідэнцкай адміністрацыі. З таго часу пра DOGE згадвалі ўсё радзей, а цяпер і ўвогуле высветлілася, што такога дэпартамента больш няма.