Цыгарэтная кантрабанда ў Літву за год зменшылася ў чатыры разы
Плынь кантрабандных цыгарэт у Літву паменшала ў чатыры разы / pixabay.com
Плынь кантрабандных цыгарэт у Літву скарацілася ў чатыры разы ў параўнанні з леташнімі аб'ёмамі. Пра гэта паведамляе літоўская Дзяржаўная служба аховы мяжы.
Сёлета ў першым квартале літоўцы перахапілі 416 тысяч пачкаў кантрабандных цыгарэт. За той жа перыяд 2022-га яны затрымалі 1,6 мільёна пачкаў. Кошт канфіскаваных цыгарэт у студзені-сакавіку 2023-га ацэньваецца ў 1,6 мільёна еўра.
Скарачэнне аб'ёмаў кантрабанды літоўскія памежнікі звязваюць з закрыццём чыгуначнага пункта пропуску "Стасілас".
Як распавядала Еўрарадыё, пераход Стасілас — Беняконі зачынілі 16 лютага. Гэта часовая мера — да ўсталявання ў ім інспекцыйнага комплексу са сродкамі рэнтгенаўскага кантролю. Цяпер цягнікі з Беларусі ідуць праз пункт "Кена", дзе такі комплекс ёсць.
Дарэчы, за ўвесь 2022 год літоўскія памежнікі затрымалі больш за 4,3 мільёна пачкаў цыгарэт. Кошт кантрабанды перавысіў 16,1 мільёна еўра.