Ціханоўская заклікала беларусаў не выконваць мабілізацыйных позваў

Святлана Ціханоўская / Еўрарадыё
Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з заклікам не выконваць таго, што напісана ў мабілізацыйных позвах.
Яна нагадала, што Расія з 24 лютага вядзе вайну супраць Украіны, "знішчаючы і акупуючы ўкраінскія гарады, забіваючы мірных жыхароў".
Нядаўна Расія абвясціла частковую мабілізацыю. "Гэта знак, што ў Крамля не атрымалася выканаць свой жахлівы план па знішчэнні Украіны. Яны не могуць адступіць, і зараз будуць ахвяраваць яшчэ большай колькасцю чалавечых жыццяў", — заяўляе Ціханоўская.
Звяртаючыся да беларускага ўдзелу ў гэтых падзеях, яна згадала заявы Лукашэнкі, быццам у Беларусі мабілізацыі не будзе. Але даверу да гэтых словаў у Ціханоўскай няма.
"Беларусам ужо пачалі прыходзіць позвы з так званымі "мабілізацыйнымі прадпісаннямі". Калі вам ужо прыйшла такая, што б ні было ў ёй пазначана — вучэнні, мабілізацыя, прызыў — не выконвайце таго, што там напісана", — заклікае Ціханоўская.
"Я кажу гэта не толькі як палітык. Я жанчына, я маці. Я ведаю цану чалавечага жыцця і ведаю, як сціскаецца сэрца, калі твае любімыя людзі не ў бяспецы. Паклапаціцеся пра сябе і блізкіх. Бо мае рацыю заўсёды той, хто абараняе сваю сям'ю і дом", — дадае яна.
Як распавядала Еўрарадыё, напярэдадні Міністэрства абароны абвергла мабілізацыйную падрыхтоўку ў Беларусі і ўдакладніла, каму і з якой нагоды можа прыйсці позва ў ваенкамат.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.