Ціханоўская адказала на планы рэжыму абвясціць АПК "тэрарыстычнай арганізацыяй"

Святлана Ціханоўская / прэс-служба Ціханоўскай
Святлана Ціханоўская пракаментавала намер рэжыму Лукашэнкі абвясціць Аб’яднаны пераходны кабінет "тэрарыстычнай арганізацыяй". Яна назвала гэтае дзеянне яшчэ адной дэманстрацыяй бездапаможнасці рэжыму.
"Яны навешваюць ярлыкі экстрэмістаў і тэрарыстаў на людзей, якія клапоцяцца і змагаюцца за інтарэсы беларускага народа. Для іх "тэрарысты" — гэта ўсе, хто супрацьстаіць беззаконню, дапамагае рэпрэсаваным, распаўсюджвае праўду", — падкрэсліла лідарка беларускіх дэмсілаў.
30 красавіка Генеральная пракуратура накіравала ў Вярхоўны суд заяву з просьбай прызнаць "тэрарыстычнай арганізацыяй" Аб'яднаны пераходны кабінет з усімі яго структурнымі падраздзяленнямі. Сярод іншых "абвінавачанняў" на адрас АПК фігуравала і дапамога палку Каліноўскага.
"Аб’яднаны Пераходны Кабінет быў створаны, каб абараняць незалежнасць Беларусі, дамагацца вызвалення палітвязняў, падтрымліваць рэпрэсаваных і рыхтаваць мірны пераход улады да дэмакратыі. Мы змагаемся не зброяй, а праўдай, салідарнасцю і міжнароднай падтрымкай", — заявіла Ціханоўская.
Яна адзначыла, што АПК працягне працу па ўсіх напрамках — нацыянальная бяспека, сацыяльная дапамога, культурнае адраджэнне, моладзевая палітыка, міжнародныя справы і падрыхтоўка транзіту ўлады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.