Ці мае права ДАІ хавацца ў цывільных аўто, калі ловіць парушальнікаў?

ДАІ Мінскай вобласці будзе лавіць ліхачоў на звычайных аўтамабілях. Гэтая акцыя працягнецца амаль тыдзень, кажа Еўрарадыё інспектар аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ Мінскай вобласці Ірына Сапунова.

"З мэтай прафілактыкі аварый па прычыне перавышэння хуткасці Дзяржаўтаінспекцыяй Мінскай вобласці з 16 па 20 кастрычніка праводзіцца прафілактычная акцыя "Хуткасць". Арганізаваны ўзмоцнены нагляд за дарожным рухам з прымяненнем схаванага кантролю і фотафіксацыі фактаў парушэння хуткаснага рэжыму. З гэтай мэтай прымяняюцца аўтамабілі дзяржаўтаінспекцыі цывільнай афарбоўкі, абсталяваныя прыборамі “Арэна” і “Візір””.

Цікава, што перад кожнай камерай, усталяванай на дарозе, стацыянарнай ці часовай, павінен быць адпаведны знак, які папярэджвае пра фотафіксацыю.

За горадам ён ставіцца за 150-300 метраў, а ў горадзе за 50-100 метраў да месца, дзе стаіць камера.

Наколькі ж законна лавіць парушальнікаў хуткасці са звычайнага аўтамабіля?

"У правілах напісана толькі, што ў цёмны час сутак за горадам павінна стаяць машына з праблясковымі маячкамі побач з супрацоўнікам. А ўдзень, у правілах, прынамсі, няма", — кажа аўтаэксперт Аляксандр Канапліцкі.

У Правілах дарожнага руху таксама прапісана, што спыняць кіроўцу можа толькі супрацоўнік у форме. Але нічога пра яго аўтамабіль. Таму атрымліваецца, што нічога не перашкаджае ДАІшніку ездзіць на цывільным аўто. У ДАІ Мінскай вобласці Еўрарадыё тлумачаць, што схаваны кантроль дазволены загадам МУС.

"Ёсць такі загад МУС Беларусі ад 1 чэрвеня 2012 года нумар 155. Там прапісана, якім чынам вядзецца кантроль за выкананнем кіроўцамі Правіл дарожнага руху. Ёсць такія паняцці, як схаваны кантроль, негалосны кантроль і галосны кантроль. Негалосны кантроль за выкананнем правіл ажыццяўляецца з выкарыстаннем транспартных сродкаў у цывільным выкананні".

Калі фотарадар у аўтамабілі зафіксуе перавышэнне хуткасці, то парушальніка павінен спыніць аўтамабіль ДАІ ўжо з маячкамі, які стаіць далей ці супрацоўнік апрануты ў форму.

У Польшчы ёсць бачныя фотарадары і схаваныя. Праўда, не абавязкова, што яны заўсёды будуць пазначаныя адпаведным знакам. Па горадзе таксама можа ездзіць аўтамабіль цёмнага колеру без апазнавальных знакаў. Калі ён спыняе парушальніка, то на ўзроўні радыятара запальваюцца маячкі.