У Беларусі хочуць аўтаматычна спісваць з карткі штрафы за парушэнне ПДР

Фотакантроль / sb.by
У Беларусі спагнанне некаторых запазычанасцяў можа патрапіць пад спрошчаную выканаўчую вытворчасць. Такое новаўвядзенне анансаваў міністр юстыцыі Яўген Каваленка. Гэты механізм збіраюцца ўвесці з дапамогай праекта закона "Аб змяненні законаў па пытаннях выканаўчай вытворчасці", які рыхтуецца да другога чытання.
Спрошчаная выканаўчая вытворчасць будзе прымяняцца, калі сума спагнання "нязначная, да 20 базавых велічынь" (гэта 840 рублёў), паведаміў міністр. Паводле яго слоў, "спагнанне будзе ажыццяўляцца максімальна аператыўна, без афармлення лішніх папер, з выкарыстаннем рознага роду сродкаў аўтаматызацыі".
Каваленка адзначыў, што пад спрошчаную выканаўчую вытворчасць трапіць спагнанне штрафаў за парушэнні правілаў дарожнага руху, зафіксаваныя з дапамогай сістэмы фотафіксацыі.
"Гэта значыць, атрымліваецца сістэма, калі ў аўтаматычным рэжыме ажыццёўлена фіксацыя правапарушэння і таксама ў спрошчаным, у значнай ступені аўтаматычным рэжыме, будзе ажыццяўляцца спагнанне па гэтым правапарушэнні шляхам спісання грашовых сродкаў з рахунку парушальніка", — цытуе словы міністра юстыцыі БЕЛТА.
Мяркуецца, што новаўвядзенне можа пачаць дзейнічаць ужо ў 2025 годзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.