Чаму на мяжы Украіны і Беларусі не зносяць стэлу — сімвал добрасуседства

"Беларусы вайны не хочуць. Ні вайскоўцы, ні цывільныя" / "Украінская праўда"
Украіна не знесла стэлу, якая сімвалізуе ўкраінскае і беларускае добрасуседства. Кіраўнік Ровенскай абласной адміністрацыі Віталь Коваль запэўнівае журналістаў “Украінскай праўды”, што народ Беларусі не вораг украінцам.
"Вораг Украіны – гэта не народ Беларусі, а вайскова-палітычнае кіраўніцтва. Верым, што пасля нашай перамогі адновяцца адносіны.
Вельмі важна мець суседа, з якім ты можаш гандляваць, будаваць дзелавыя адносіны, наладжваць сацыяльна-культурны абмен. А калі ў цябе на карце ёсць кропка, дзе разварочваецца нават бусел, гэта дрэнна", — кажа Коваль.
“Мы не знаходзімся ў стане "не верым". Мы проста рыхтуемся”
Чуткі аб падрыхтоўцы наступу з Беларусі Коваль называе наўмыснымі спробамі дэстабілізацыі.
"Кожныя такія мэсэджы – гэта прыпыненне эканомікі, паніка, гэта выбівае з нармальнага рытму жыцця. Зразумела, мы тут не знаходзімся ў стане "не верым". Мы проста рыхтуемся".

Камандзір батальёна тэрытарыяльнай абароны Раман Валашчук 10 месяцаў займаўся ўзвядзеннем абарончых збудаванняў на мяжы. І дагэтуль перакананы, што беларусы не хочуць вайны з Украінай. Пры гэтым ён упэўнены, што не хочуць яе ні вайскоўцы, ні цывільныя.

І ўсё ж прыгранічную тэрыторыю прыходзіцца ўмацоўваць равамі, барыкадамі, а дарогі — мініраваць.
“Хадзілі па ягады і ў госці да сваякоў”
Раней жыццё людзей у прыгранічных рэгіёнах было завязана на "дружбе народаў", пішуць журналісты.
"Мясцовыя жыхары хадзілі ў суседнюю краіну збіраць ягады і наведваць сваякоў. Жыхары з таго боку прыязджалі ва Украіну паесці ў мясцовых установах харчавання або вылецець з Ровенскага аэрапорта на адпачынак", — пішуць журналісты.
Цяпер іх жыццё вызначае вайна. Тым не менш стэлу, якая нагадвае аб дружбе народаў, улады не плануюць зносіць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.