Ценявая структура ў Мінску скрала ў дзяржавы больш за 16,4 млрд рублёў

Ценявая структура ў Мінску скрала ў дзяржавы больш за 16,4 млрд рублёў

Упраўленне Следчага камітэта па Мінску скончыла расследаванне крымінальнай справы аб ухіленні ад падаткаў і стварэнні лжэпрадпрымальніцкіх структураў.

У каментары БЕЛТА афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінску Аляксандр Герасімаў распавёў, што абвінавачанымі па справе сталі пяць мінчукоў. Яны адыгрывалі ключавую ролю ў арганізацыі структуры, якая дапамагала прадстаўнікам рэальнага сектара эканомікі з некалькіх рэгіёнаў краіны ўхіляцца ад выплаты падаткаў. Яшчэ тры арганізатары ўцяклі і абвешчаныя ў вышук.

Паведамляецца, што ў ценявы кангламерат уваходзілі некалькі самастойных груп. Ён дзейнічаў ў 2011-2014 гадах. У структуры былі выразна распісаныя ролі ўдзельнікаў, група была вельмі згуртаваная. Абвінавачаныя стварылі каля сотні лжэпрадпрымальніцкіх структур, чыімі паслугамі сістэматычна карысталіся больш за 50 суб'ектаў гаспадарання.

Падчас ператрусаў праваахоўнікі канфіскавалі сотні адзінак камп'ютарнай і офіснай тэхнікі, падробленых пячатак і фінансавых бланкаў, грошы ў рублях і валюце, iншыя рэчавыя доказы. Доказная база па крымінальнай справе задакументавана ў 115 тамах.

Па звестках праваахоўнікаў, абвінавачаныя нанеслі шкоду дзяржаве на суму больш за 16,4 млрд рублёў. Падчас расследавання кампенсавана 10,2 млрд рублёў. Следства наклала арышт на маёмасць абвінавачаных у суме 5,5 млрд рублёў. Пад арышт трапілі нерухомасць, дачныя ўчасткі, дарагія аўтамабілі і наяўныя грошы ў валюце.

Па словах Герасімава, падчас расследавання да адказнасці прыцягнутыя больш за 25 кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія карысталіся паслугамі лжэструктур.