Былога намесніка старшыні Беларускага ваеннага суда судзяць за хабар

Судовы працэс над былым намеснікам старшыні Беларускага ваеннага суда Юрыем Тузавым пачаўся 2 снежня ў Вярхоўным судзе. Яго вінавацяць у атрыманні хабару.

У справе фігуруе таксама начальнік аддзела продажаў замежнага прадпрыемства "Інка-фуд" па Гродзенскай вобласці Сяргей Шымчук. Яго вінавацяць у дапамозе ў дачы хабару, інфармуе БелаПАН.

Тузаў знаходзіцца пад вартай, у зале суда яго трымаюць у клетцы. Экс-намесніка старшыні суда затрымалі 18 чэрвеня. Шымчука затрымалі 13 чэрвеня. Яго таксама спачатку ўзялі пад варту, але потым вызвалілі пад заклад.

Паводле інфармацыі БЕЛТА, Шымчук быў пасярэднікам пры перадачы хабару ў 20 тысяч долараў. За гэтыя грошы Тузаў мусіў змякчыць прысуд чалавеку, асуджанаму на 5 гадоў. Прысуд быў адменены.

Фота — ctv.by