Брэстаўчанін са сваім сабакам злавіў злодзея-рэцыдывіста

Брэстаўчанін са сваім сабакам злавіў злодзея-рэцыдывіста

Жыхар Брэста дапамог міліцыянтам затрымаць злодзея-рэцыдывіста. Гэта здарылася ўначы 25 лютага ў спальным раёне горада. Мужчына выгульваў пса-аўчарку і заўважыў, як незнаёмец корпаецца ў аўтамабілі “Рэно” і выкладвае знойдзеныя ў машыне рэчы – мабільны тэлефон, слясарныя інструменты, пальчаткі.

Сведка здагадаўся, што гэта не ўладальнік аўто, аддаў сабаку каманду “Ахоўвай!”, а сам выклікаў міліцыю. Аператыўнікі прыбылі на месца праз некалькі хвілінаў і затрымалі злодзея.

Гэта быў непрацуючы мясцовы жыхар 1981 года нараджэння, раней судзімы за забойства і махлярства. За новую крымінальную прыгоду яму пагражае чатыры гады турмы. Міліцыянты плануюць узнагародзіць знаходлівага сабакавода, паведамляе БЕЛТА.