Брэсцкі абласны суд не задаволіў скаргі незалежных журналістаў
Два суды прайшлі за 25 хвілінаў.
22 студзеня прайшоў разгляд справаў адразу двух фрылансераў — Тамары Шчапёткінай і Алеся Леўчука.
Нагадаем, што ў канцы мінулага году журналістаў прызналі вінаватымі ў супрацы з замежнымі СМІ без акрэдытацыі: Шчапёткіну — з "Радыё Рацыя", а Ляўчука — з тэлеканалам "Белсат" (абодва медыяресурсы зарэгістраваныя ў Польшчы). Фрылансераў аштрафавалі на 4,5 і 6 мільёнаў рублёў адпаведна. Справы разглядаў Бярозаўскі раённы суд і суд Ленінскага раёна Брэста.
Рашэнні судовых інстанцый журналісты паспрабавалі абскардзіць у Брэсцкім абласным судзе, але безвынікова.
Як распавёў Еўрарадыё брэстаўчанін Алесь Ляўчук, абодва паседжанні прайшлі 22 студзеня літаральна адно за другім. Рашэнне суддзі Наталлі Сурмы па абедзвюх справах ён называе прадказальным.
Ляўчук: "У нас быў сёння проста канвеер: мы сядзелі ў адным памяшканні, і за 25 хвілін нам было адмоўлена - спачатку мне, а пазней Тамаре. Не здзіўлюся, калі хутка такім чынам пачнуць судзіць цэлыя рэдакцыі. Пры гэтым і Шчапёткіна, і я прыводзілі розныя аргументы, але, як бачым, вынік адзін".
Журналісты збіраюцца надалей абскарджваць пастанову, з якой не згодныя. Калі давядзецца, яны гатовыя звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Дарэчы, летась за супрацу з замежнымі СМІ без акрэдытацыі ў Беларусі былі прыцягнутыя да адказнасці 14 журналістаў-фрылансераў. Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, агульная сума штрафаў склала больш за 90 млн рублёў.
Фота — svaboda.org