Больш за 200 арганізацый пакараюць за тое, што не плацілі ў фонд Лукашэнкі

Грошы, ілюстрацыйнае фота / sb.by
Больш за 200 мінскіх кампаній займаліся бізнесам у помніках архітэктуры і не адлічвалі адсотак ад прыбыткаў у фонд Лукашэнкі па падтрымцы культуры і мастацтва. Гэта выявіла Генеральная пракуратура.
У названы фонд трэба штогод адлічваць адсотак ад прыбытку (пры яго наяўнасці), калі фізасоба, юрыдычная асоба, ІП займаецца "прадпрымальніцкай дзейнасцю, якая аказвае непасрэднае ўздзеянне на помнікі архітэктуры і зоны іх аховы".
Генпракуратура кажа, што яе праверка выявіла сістэмныя парушэнні ў такіх адлічэннях. Магчыма гэта ўсё стала "праз неналежны кантроль з боку Міністэрства культуры і мясцовых выканкамаў". Напрыклад, з сістэмы абавязковых плацяжоў выпалі асобныя сучасныя аб'екты, збудаваныя ў зонах аховы будынкаў і на тэрыторыі гістарычнай часткі Мінска.
Агулам у сталіцы заключана каля 650 дамоваў арэнды памяшканняў з суб'ектамі гаспадарання, якія знаходзяцца ў помніках архітэктуры. Гэта значыць, праблемы ўзніклі амаль з кожнай трэцяй кампаніяй.
Таксама ў пракуратуры кажуць, што шэраг арганізацый прынізіў памер выплат альбо зусім заявіў пра адсутнасць прыбытку па выніках 2024 года, хаця такі прыбытак насамрэч быў. Выявіла пракуратура і недахопы "прававога рэгулявання, якія дазвалялі ўхіляцца ад выплаты абавязковых плацяжоў".
Намеснік генпракурора запатрабаваў ад міністра культуры ліквідаваць выяўленыя парушэнні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.